ИСТОРИЯ


Капліца ў вёсцы Моладава Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) пабудавана ў 1905–1908 гг. паводле праекта віленскага архітэктара Т. Раствароўскага. Родавая капліца-пахавальня знаходзілася пры галоўным уездзе ў сядзібна-паркавы комплекс Скірмунтаў, гаспадаром якога тады быў Генрых Скірмунт (1836–1916).
Расійскі і польскі архітэктар і мастак польскага паходжання Тадэвуш Марыя Раствароўскі (1860–1928) навучаўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, затым у Кракаве, Мюнхене, Парыжы. Пабудаваў шмат будынкаў ў Вільні, на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Удзельнічаў у праектаванні царскага паляўнічага палаца ў Белай Вежы (1891) і рэканструкцыі палаца Тышкевіча ў Ландварове (1899). Па яго праектах перабудоўваўся палац Бішэўскага ў Лынтупах, быў узведзены палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне і інш. Таксама займаўся жывапісам, пісаў партрэты, карціны на міфалагічныя і алегарычныя сюжэты.
Моладаўскі мураваны цэнтрычны храм-ратонда дыяметрам 8 м завершаны сферычным купалам. Ніжэйшая за астатні аб’ём прамавугольная, раскрапаваная пілястрамі апсіда і дарычныя порцікі з трох бакоў надаюць плану крыжападобную форму. Уваходны порцік чатырохкалонны, астатнія – дзвюхкалонныя. Апрацаваны гарызантальным рустам цыліндрычны аб’ём завершаны шырокім фрызам з поясам ляпных гірлянд і карнізам з сухарыкамі і мадульёнамі. Тымпаны франтонаў і ліштвы акон, якія мелі калісьці каляровыя вітражы, аздоблены ляпным раслінным арнаментам. У інтэр’еры сцены рытмічна раскрапаваныя пілястрамі і завершаны па перыметры карнізам.
Інтэр’ер капліцы меў вельмі сціплае, але гарманічнае афармленне. Белыя сцены і вітражы вокнаў стваралі, незалежна ад надвор’я, уражанне сонечнага асвячэння. На падлозе, выкладзенай мармуровай белай і чырвонай шасцікутнай пліткай стаялі белыя простыя лавы. У алтары знаходзілася вялікая распяцце Хрыста з белага мармуру, выкананае скульптарам Бродскім.
У час Вялікай Айчыннай вайны вёска Моладава знаходзілася пад акупацыяй з чэрвеня 1941 г. па ліпень 1944 г. У 1943 г. палац і іншыя сядзібныя пабудовы згарэлі і былі дашчэнту разабраныя ў пасляваенны час. Ад усяго сядзібнага комплексу захавалася толькі капліца-ратонда і некалькі фамільных надмагілляў Скірмунтаў побач з ёю.
Моладаўская капліца – помнік архітэктуры неакласіцызму – у 2007 г. уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта адзінае збудаванне, якое захавалася на тэрыторыі былой вялікай сядзібы роду Скірмунтаў. У апошнія гады ратонда стала мясцовай славутасцю і адным з сімвалаў Моладава. Аднак за мінулую эпоху будынак парадкам заняпаў. Праведзенае абследаванне выявіла, што дах знаходзіцца ў перадаварыйным стане.
Рашэннем Іванаўскага райвыканкама аб’ект «Капліца» ўключаны ў план дзейнасці па выкананні мэтавых паказчыкаў падпраграмы «Спадчына» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016–2020 гг. Былі прыняты аператыўныя меры па недапушчэнні разбурэння будынка. Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама арганізавана работа па рэстаўрацыі даху. У цэлым праектам прадугледжана рэстаўрацыя даху з аднаўленнем у аўтэнтычным аб’ёме.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website